Віртуальны музей пісьменніка-земляка
Франца Іванавіча Сіўко
3-я ЗАЛА “Літаратурная спадчына”
УСТУП
У сваёй творчасці Франц Сіўко закранае маральна-этычныя і сацыяльныя праблемы, даследуе асаблівасці ментальнасці беларускага грамадства на пераломных гістарычных этапах. Яго творы - яскравы прыклад майстэрскага выкарыстання моўна-выяўленчых сродкаў у адлюстраванні рэалій жыцця.

Мастацкая проза Ф. Сіўко дае спажыву для роздуму, абуджае думку і актывізуе яе. Акрамя таго, яна лёгка чытаецца, бо аўтар умее ствараць у сваіх аповесцях і апавяданнях вострыя сітуацыі, а ў асобных выпадках у іх прысутнічаюць і элементы дэтэктыву.

Разам з тым творы Франца Сіўко – добры напамін пра тое, што літаратура спрадвеку мае не толькі забаўляльную функцыю, але і выхаваўчую.

Трапна выказаўся пра асобу Франца Сіўко як чалавека і літаратара яго калега па пяры, вядомы паэт-гумарыст Міхась Мірановіч:
У яго – характар,
А не поза.
Правіла адно
Дэвізам стала:
Так пісаць старайцеся,
Каб проза
Сапраўды
Паэзіяй гучала!
А яшчэ адзін наш зямляк, вядомы паэт Сяргей Панізьнік, прысвяціў Францу Іванавічу такі верш:

                                            Францу Сіўко, сябру-земляку

Ён з лівамі збіраецца да мора,
вяртаецца з данінай серабра.
Усё Прыдзвінне — творчая прастора!
Прыплод паэтаў — з Францава рабра.
Сіўко пад Мёрамі кілзае сіўку,
— а чуе гарадоцкія званы.
Як Усяслаў: то з немцамі ў абдымку,
а то з палякам чэша чурбаны.
Каб зноў вянкі плылі Дзвіною важкай,
не венікі ён вяжа, а ганкі.
— 3 чым прыйдзеш, — кажа франт
Франціш Анашка, —
не важна. Далей — з ношкай — напрамкі!
3 магнітафонным запісам сугуччаў
Міжрэчча,  Вяты аж гізуе Франц —
літваладар над Віцебскаю кручай.
I гэта, кажа, не апошні шанц.
Пра сутнасць жа творчасці нашага земляка і яго месца ў сучаснай беларускай літаратуры можна паслухаць тут:
Землякі: Ф. Сіўко і С. Панізнік
Біяграфія і рэцэнзія
Урывак з кнігі "Удог"